Майстар-клас па правядзенні экскурсій ад Мікалая Чырскага

18 красавіка запрашаем на майстар-клас па правядзенні экскурсій!

Якія памылкі часцей за ўсё дапускаюць гіды і як правесці экскурсію, каб турысты засталіся ў захапленні? На гэтыя і многія іншыя пытанні адкажа экскурсавод з 46-гадовым стажам, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікалай Чырскі.

Майстар-клас для экскурсаводаў і ўсіх ахвотных адбудзецца 18 красавіка а 18-ай гадзіне ў бібліятэцы імя Талстога (Маскоўская, 18).

Каноны правядзення экскурсій былі закладзены вучонымі-экскурсіяністамі яшчэ ў ХІХ стагоддзі, існуе шэраг тэматычных метадычак, а летась выйшла кніга нашага эксперта «Экскурсоведение. Основы экскурсионной деятельности».

– Паколькі ў “Фэсце экскурсаводаў” прымуць удзел не толькі прафесійныя гіды, але і аматары, краязнаўцы, мы хочам даць ім азы правядзення экскурсій. Напрыклад, як правільна паставіць групу? Практыка паказвае, што турысты “абляпляюць” экскурсавода з усіх бакоў, яго не бачна. А ён павінен знаходзіцца крыху збоку, бо, па-першае, яму цяжка працаваць, а па-другое, экскурсанты нічога не бачаць.

 

Мікалай Арсенцьевіч звяртае ўвагу, што экскурсаводу не варта называць дакладныя даты падзей, пра якія ён распавядае, а лепш казаць пра стагоддзі. Павінна быць менш лекцый і больш візуальнай інфармацыі – у гэтым дапаможа адімысловы “партфель” экскурсавода. Пра тое, як яго сфармаваць, таксама можна будзе даведацца падчас семінара.

– Асаблівую ўвагу звернем на тэхніку правядзення экскурсій, а таксама на змест таго, што будуць расказваць гіды, – гаворыць Мікалай Чырскі.

Уваход на мерапрыемства ў межах “Фэста экскурсаводаў” вольны. Запрашаем!