“Не Мінскам адзіным…” “Фэст экскурсаводаў»-2017 у рэгіёнах

Штогод у розных кутках нашай сінявокай праводзяцца свае міні-фэсты, стараюцца “падключыцца” да святкавання Міжнароднага Дня помнікаў і мясцінаў невялічкія мястэчкі і гарады Беларусі.

Як і чым жыў і будзе жыць у гэтым годзе “Фэст экскурсаводаў” у рэгіёнах, можна даведацца ніжэй.

А дзе ж факты? Вядома, што ў 2012 годзе, напрыклад, былі праведзена некалькі экскурсій у такіх беларускіх мястэчках, як Ракаў,  Смілавічы, Прылукі, Станькава, Лагойск.

Наступны 2013 год паказаў пазітыўныю тэндэнцыю ў беларускіх рэгіёнах. Валанцёры і арганізатары «Фэста экскурсаводаў» падлічылі, што больш за 25 гарадоў Беларусі падтрымалі акцыю. Больш за 40 экскурсій было праведзена!

Апынуцца ў атмасферы ўражанняў Марка Шагала атрымалася ва ўсіх жадаючых падчас Віцебскай экскурсіі Алены Арцёмавай “Віцебск Марка Шагала”.

Куды больш было праведзена экскурсій у 2015 годзе. Гэтаму падцверджанне 60 экскурсій ў 36 населеных пунктах. І на экскурсіі прыйшло каля 1200 чалавек.

Найбольш актыўна ў 2015-м праявіла сябе Гродна, дзе было арганізавана 10 экскурсій. Вельмі парадавалі Брэст (5 экскурсій), Маладзечна (6 экскурсій) і Клімавічы (4 экскурсіі). Таксама актыўна далучыўся Гомель (4), Полацк (5). У 2015 годзе ў рэгіёнах таксама былі праведзеныя дзіцячыя экскурсіі (Маладзечна),  роварныя (Клімавічы і Пухавічы),  краязнаўчыя гульні-квэсты. У Полацку, напрыклад, на такую гульню прыйшло больш за 80 чалавек.

Упершыню да “Фэста экскурсаводаў” далучыліся вёскі і аграгарадкі Белавежскае (Камянецкі раён), Мазалава (Віцебскі раён), Талька (Пухавіцкі раён), Рось (Ваўкавыскі раён).

Што тычыцца “Фэста экскурсаводаў-2017”,то самым актыўным сярод беларускіх рэгіёнаў можна вылучыць Віцебшчыну. Нездарма, бо ў гэтым годзе Віцебшчына піянеркай у адкрыцці фэстаўскіх экскурсій. Фэст у Віцебску адбудзецца 15- 16 красавіка, раней за тыдзень да агульнага пачатку. Але на гэтым не канец. Арганізатары абяцаюць экскурсіі і 22-23 красавіка. Таму, паважаныя, сачыце і не прапусціце самае свежанькае!

Пакрысе прачынаюцца і астатнія рэгіёны. Вядома ўжо, што ў Брэсце будзе арганізаваная экскурсія “Брэст крымінальны” і “Трагічныя старонкі з гісторыі Брэсцкай турмы”.

Шэраг экскурсій будзе праведезена ў Мінскай вобласці. Ужо вядома, што ў Капылі цікаўных будзе чакаць Генадзь Ярмак з “Таямніцамі Палаца ў Наднёманні. Прафесар з-пад Узды”. А ў Маладзечне Уладзімір Садоўскі распавядзе пра гістарычны раён горада — “Гелянова: фальварак, гарнізон, мікрараён”.

А пакуль пішуцца гэтыя радкі, нам падаецца, нехта ўжо вырашыў і падаў заяўку на ўдзел ў «Фэсце экскурсаводаў»-2017, альбо проста задумаўся: прымаць удзел ці не? Таму, рэгіёны Беларусі, далучайцеся, бо не Мінскам адзіным наш Фэст жыве!