Топ-10 самых незвычайных маршрутаў “Фэста экскурсаводаў”

Кожная экскурсія падчас «Фэста экскурсаводаў» – унікальная, на большасць з іх наўрад ці атрымаецца трапіць па-за межамі свята. Нам было вельмі складана, але мы пастараліся сабраць для вас 10 самых незвычайных маршрутаў «Фэста экскурсаводаў» апошніх гадоў.

  1. «Аліварыя: музей піва і завод». Даведацца, як вараць знакамітае беларускае піва можна ў карпаратыўным музеі завода. Менавіта на гэтую эскурсію з дэгустацыяй хутчэй за ўсё заканчваліся вольныя месцы некалькі гадоў запар.
  2. “Вясельны Мінск” ад экскурсавода Людмілы Скрадаль знаёміў наведвальнікаў са шлюбнымі традыцыямі беларусаў ад старажытнасці да сучаснасці.
  3. Маршрут “Наша вакно ў Еўропу: “шкляная” архітэктура 1960-х гг.” ладзіла дачка слыннага архітэкстара Леаніда Левіна Галіна Левіна. Сёлета гэтая экскурсія страчвае адзін з найцікавейшых сваіх аб’ектаў – выставачны цэнтр на вуліцы Янкі Купалы.
  4. Натхнёны творчасцю разведчыка і кантрабандыста Сяргея Пясецкага, экскурсавод Павел Махінаў стварыў для «Фэста экскурсаводаў» арыгінальны касцюмаваны маршрут пад назвай «Шарм міжваеннага Мінска».
  5. У 2013 годзе падчас «Фэста экскурсаводаў» у тэставым рэжыме прайшла ўнікальная экскурсія “Дотык да Мінска” для людзей са слабым зрокам. Экскурсавод Людміла Скрадаль пры дапамозе спецыяльна створаных тактыльных макетаў будынкаў знаёміла наведвальнікаў з архітэктурай сталіцы XVII – XX стагоддзяў.
  6. Прыслухацца да чароўных спеваў пярнатых, якія ў тлумных гарадах мы ўжо амаль не заўважаем, а таксама навучыцца іх адрозніваць дазволіла экскурсія “За галасамі птушак”, арганізаваная ў 2015 годзе ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Вандроўка атрымалася сапраўды цікавай, экалагічнай і нават тэрапеўтычнай.
  7. Унікальная магчымасць зазірнуць у патаемныя куточкі сталічнай падземкі і нават наведаць музей была ў экскурсантаў падчас вандроўкі “Мінскі метрапалітэн і яго гісторыя” ў 2016 годзе.
  8. “Экскурсію па зорным небе” праводзіў аўтар бестсэлера “Этнаастраномія” Цімафей Авілін. Падчас вандроўкі па абшарах начных нябёсаў можна было прагуляцца па зорных сцяжынах, а заадно даведацца: як нашы продкі называлі сузор’і, зоркі, Млечны Шлях? Што рабіць, калі падае зорка? Якім чынам народная беларуская міфалогія звязана з нябеснымі целамі і сузор’ямі?
  9. Адна з найцікавейшых – велаэкскурсія «Жыхары мінскага неба: манументальная скульптура на дахах сталіцы» адбылася падчас леташняга «Фэста экскурсаводаў». Гід Раман Абрамчук пазнаёміў экскурсантаў з “небажыхарамі” з фасадаў галоўных мінскіх будынкаў.
  10. Летась адбылася таксама экскурсія на джыпах, прысвечаная малавядомым помнікам часоў Першай сусветнай вайны. Апавяданні пра вайсковыя аперацыі: Свянцянскі прарыў і Крэўская аперацыя; вайсковыя могілкі, лініі абароны ў акопах і бетоне, карэкціровачныя кропкі-ўзвышшы, гісторыі авіябаёў, святая крыніца, дзе амываўся рускі цар, чыгунка генерала Кавэрскага – дарога ў пекла, а напрыканцы – дэманстрацыя фільма «Смаргонь – забыты фронт» і выстава артэфактаў часоў Першай сусветнай вайны на аграсядзібе «Засценак Скрыплеў».