Эксклюзіў “Фэста экскурсаводаў”: унікальныя мясціны, да якіх не кожны дабярэцца, каб убачыць

Рэгіёны Беларусі – цэлая скарбніца цікавостак. У нашай краіне ёсць такія куточкі, пра якія шмат хто альбо не ведае, а калі і ведае, то не заўсёды зможа дабрацца самастойна. Таму “Фэст экскурсаводаў” – сапраўды ўнікальная магчымасць надведаць гэтыя месцы і даведацца пра іх гісторыю ад прафесіяналаў.

Такім чынам, куды каманда Фэста параіла б вам накіравацца ў бліжэйшыя выхадныя?

У суботу, 22 красавіка, у Гомелі Сяргей Балахонаў прапануе вандроўку “Між Старым Аэрадромам і Мельнікавым Лугам: гісторыя і эстэтыка ўнутрыгарадскіх ускраін”. Гэта экскурсія па гомельскіх мясцінах, якія мякка можам назваць ускраінамі, акалоткамі, завуголлямі. Але часцей называем больш крэпкім ёмістым слаўцом. Апошняе ніяк не перашкаджае нам іх любіць, імкнуцца спасцігаць іх гісторыю, раскрываць тутэйшыя таямніцы, успамінаць звязаныя з імі кур’ёзы. Цягам экскурсіі мы зазірнем з вамі ў рэчышча зніклай ракі, прыгадаем звярынцы і луна-паркі, паходзім па месцы старажытнага гарадзішча, зададзім пытанні Бабрысе, пакаштуем вады са святой крыніцы і, калі пашанцуе, пабачым асаблівага «злога сабаку», які нам лянотна выдасць «мяў». Працягласць маршрута – каля 3 км. Працягласць эскурсіі — 1,5 – 2 гадзіны. Пажадана мець абутак, прыдатны для вандровак па завуголлях. Ахвочыя паспытаць крынічнай вады павінны прыхапіць з сабою посуд. Распачнецца экскурсія а 10.30 ад памятнага камня ў Юбілейным скверы.

Яшчэ адзін эксклюзіўны гомельскі маршрут чакаецца 23 красавіка ў аграгарадку Юравічы Калінкавіцкага раёна. Падчас яго экскурсавод Ян Малікаў прапануе пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснасцю Юравіцкага манастыра. Гэты старажытны манастыр, які схаваўся пасярод палескіх лясоў і балот, заўжды ўражвае сваёй велічнай архітэктурай. Але мала хто ведае, што агромны комплекс у стылі барока быў узведзены выключна як каменны рэлікварый, каштоўная скрыня для захоўвання невялічкай іконы – цудадзейнага абраза Маці Божай Юравіцкай. Аб гісторыі ўзнікнення, архітэктурных асаблівасцях і сучасным жыцці гэтага манастыра і пойдзе размова ў час экскурсіі, якая распачнецца ў 13.00 ад царкоўнай плошчы перад храмам.

Унікальнымі вандроўкамі парадуе і Берасцейшчына. 22 красавіка Людміла Гурыновіч запрашае на “Фатаграфічны квэст” па аграгарадку Белавежскі. Экскурсія прызначана для навучэнцаў школы і іх бацькоў, а таксама ўсіх жадаючых. Удзельнікі шукаюць месцы, выяўленыя на фотаздымках, якія паэтапна прадастаўляе экскурсавод. Мэта экскурсіі – развіццё уважлівасці, навыкаў сумеснай дзейнасці, знаёмства з пасёлкам. Пачатак у 13.00 ад белавежскай сярэдняй школы (вул. Школьная, 2).

22 красавіка ў Казловічах ля форта “А” Брэсцкай крэпасці стартуе экскурсія Аліны Дзеравянкі “Таямніцы форта Літара “А”. Экскурсія раскрые ў новым святле выдатны помнік фартыфікацыі першай паловы ХХ стагоддзя. Пабудаваны ў 1912 – 1915 гг. форт стаў сведкам асноўных ваенных падзей мінулага стагоддзя: дзвюх сусветных войнаў, савецка-польскай вайны 1919 – 1921 гг., «халоднай вайны» краін Варшаўскай Дамовы з блокам НАТО. Магутныя валы і сырыя бетонныя сцены форта захоўваюць нямала таямніц і загадак. Экскурсія пачнецца а 14-ай гадзіне.

Наступны маршрут – для тых, хто мае моцныя нервы. 23 красавіка ў Брэсце экскурсавод Іван Чайчыц раскрые “Трагічныя старонкі гісторыі Брэсцкай турмы”. Турмы – былыя і дзеючыя – ладзяць як пазнавальныя, так і павучальныя экскурсіі для турыстаў. У свеце мноства турмаў, якія маюць сваю гісторыю, некаторыя з іх ужо даўно ператварыліся ў музеі, і многія людзі, якія ніколі не пажадалі б стаць вязнямі, імкнуцца наведаць гэтыя месцы. У турэмных сценах Брэсцкай следчай турмы ўтрымліваліся многія выдатныя асобы, у лёсе якіх адбіліся значныя падзеі гісторыі горада, нашай краіны. У гэтых турэмных сценах адбіліся невымерныя боль і пакуты, страх і гора, пакуты і трагічнасць Другой сусветнай вайны. Пачнецца экскурсія ў 12.30 на К. Маркса, 88.

“Фэст экскурсаводаў” і крымінальная тэматыка ў Брэсце працягнуцца і 24 красавіка. Гід Яфім Басін распавядзе пра крымінальную гісторыю горада міжваеннага часу. Вандроўка пачнецца ў 14.00 ад плошчы Свабоды.

22 красавіка ў аграгарадку Акцябрскі Віцебскага раёна адбудзецца квэст “У пошуках скарбаў”. Пазнаёміцца з гісторыяй Віцебскага раёна Анастасія Пішчулава прапануе ў 10.00 у мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі.

У той жа дзень на 20 хвілін пазней у аграгарадку Мазалава Віцебскага раёна пройдзе экскурсія Андрэя Струнчанкі “Па слядах герояў фільма Чорная бяроза”. Праграма экскурсіі ўключае наведванне аб’ектаў, дзе праходзілі здымкі кінафільма «Чорная бяроза». Экскурсанты ўбачаць мясціны з фільма: велічную хвою, рэшткі вадзянога млына і навіснога мастка праз рачулку Лужаснянку і многія іншыя цікавыя аб’екты. Экскурсія прымеркаваная да 40-годдзя аднаго з самых папулярных у БССР фільмаў. Збор у 10.20 ля Мазалаўскай сярэдняй школы.

23 красавіка ў Браславе прапануем шпацыр “Басанож па маставой”. Ён будзе прысвечаны адной з самых папулярных асаблівасцяў Браслава – старой брукоўцы. Старадаўні шлях мае на толькі багатую гісторыю, але і ў сучаснасці працягвае назапашваць цікавосткі ў выглядзе новых арт-аб’ектаў. Апроч брукоўкі экскурсанты змогуць даведацца аб гісторыі з’яўлення «карабля» на гарадскім пляжы, а таксама пра поспехі аднайменнага траўлера «Браслаў» рыбалавецкага флота Камчаткі. Экскурсію правядуць вядомыя краязнаўцы краю, супрацоўнікі сферы турызму і культуры, а таксама грамадскія актывісты Аляксандр Панцялейка, Віктар Бунта, Ілля Вашкель, Надзея Дударонак і Гальляш Сялява. Пачатак у 14.00 ад скульптурнай формы “Залатая рыбка”.

У “Падарожжа па затраўнелых сцяжынках” аграгарадка Вішоў Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці 23 красавіка запрашае Святлана Магілеўчык. Экскурсія прадугледжвае знаёмства з гісторыяй аграгарадка Вішоў, пешаходнае падарожжа ад старой царквы ў гонар Пятра і Паўла да новай, знаёмства з сядзібай паноў Савіцкіх, агляд месца, дзе праходзіла бітва са шведамі падчас Паўночнай вайны, знаёмства з экспазіцыямі музея СВК «Калгас «Радзіма», па жаданні наведванне новай праваслаўнай царквы. Працягласць пешаходнай экскурсіі каля 3-х кіламетраў, час – 2 – 2,5 гадзіны. Пачатак маршрута ў 12.30 ад Вішаўскага сельсавета.

“Тот-дэ-пон. Некамбатанты пад Барысавам у 1812 г.” – экскурсія з такой назвай пройдзе 22 красавіка ў Барысаве. У анімаванай экскурсіі ўдзельнікі даведаюцца пра падзеi вайны 1812 года на Бярэзiне, загадку лёсу маскоўскiх трафейных каштоўнасцяў. Апроч таго экскурсанты даведаюцца, хто такія некамбатанты, якія з’явіліся 205 год назад у Барысаве. Экскурсію правядзе Мікалай Чарнуха,  пачатак у 12.00 ад паркоўкі каля “батарэй” у Барысаве (праспект Рэвалюцыі, 94).

22 красавіка ў Наднёмане Уздзенскага раёна запрашаем на экскурсію “Таямніцы палаца ў Наднёмане. Прафесар з-пад Узды”. Спадчынніку шляхецкага роду Якубу Сарманту Жыгімонту Наркевічу Ёдку ўсміхнуўся сам лёс пры яго нараджэнні. Аднак ён жа і перакуліў усё яго жыццё, даўшы магчымасць зазірнуць у прыроду таямнічай сілы электрычнасці. Абвеяны загадкамі палац у маёнтку захоўваў таямніцы, не заўсёды зразумелыя і вытлумачальныя чалавечаму розуму. Прыйшоў час іх прыадчыніць, што і зробіць экскурсавод Генадзь Ярмак а 14-ай гадзіне каля брамы палацавага комплексу.

Аматарам актыўнага адпачынку раім наведаць 23 красавіка вёску Талька Пухавіцкага раёна, дзе адбудзецца роварная экскурсія па маршруце Талька – Сарафін –Мацеевічы. Вы даведаецеся гісторыю старажытнага мястэчка Талька, дазнаецеся, якім чынам яна звязаная з Якубам Коласам, наведаеце незвычайнае месца Сарафінаву Гару, убачыце старыя каталіцкія могілкі з капліцай, гарадзішча “замачак” ранняга жалезнага веку, сядзібу Булгакаў 19 ст. у Мацеевічах. Экскурсія, якую правядзе Наталля Іллініч, пачнецца ад чыгуначнай станцыі Талька ў 11.00.

Незвычайны шпацыр “Па слядах забытага паўстання” правядзе Настасся Азарка 23 красавіка ў старажытным Нясвіжы. Так-так, места слаўнае не толькі сваім палацам. 1919 год. Цяжкі і неспакойны час, калі горад апынуўся ў эпіцэнтры бурлівых падзеяў, якія забралі шмат жыццяў. Так склалася, што імёны паўстанцаў з цягам часу былі забытыя, а гісторыя прысцёртай. Пара даведацца праўду. Далучайцеся да вандроўкі ў 18 гадзін каля ўвахода ў ратушу.

Рамантычнымі “Сцяжынкамі Элізы Ажэшкі” запрашае прагуляцца Таццяна Савянкова ў вёсцы Мількаўшчына Гродзенскага раёна 22 красавіка. Гэта мясціна, дзе нарадзілася вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка. Экскурсанты наведаюць прысвечаны ёй музей, месца, дзе стаяла хата бацькоў, а таксама пазнаёміцца з прыгожым мясцовым храмам – велічнай Пакроўскай царквой. Шпацыр пачнецца аб 11-ай па адрасе Крыўлянская, 6.

На экскурсію па карціннай галерэі мастака Кастуся Качана запрашае ў суботу і Навагрудак. Экскурсію па залах галерэі правядзе Жанна Леановіч, чакаюцца цікавыя расповеды і ад самога Кастуся Качана. Прыходзьце ў 13.00 на Замкавую, 9.

Яшчэ адна экскурсія ў Навагрудку адбудзецца 23 красавіка, гэтым разам па могілках. Калі хочаш даведацца гісторыю роднай мясціны, прыйдзі на могілкі – сцвярджаюць арганізатары экскурсіі. І гэта сапраўды так. Сяргей Казак будзе сустракаць вас ля кафэ “Маладзёвае” (вул. Савецкая, 23) у 14.00.

У нядзелю, 23 красавіка раім завітаць у госці да Чэслава Немэна ў Старыя Васілішкі на Гарадзеншчыне. Маленькая вёска ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці размешчана ў 70 км ад Гродна. Менавіта тут у 1939 годзе нарадзіўся Чэслаў Выджыцкі – сусветна вядомы спявак, які выступаў пад псеўданімам Чэслаў Немэн. У вёсцы Старыя Васілішкі захаваўся дом, які калісьці належаў сям’і Чэслава Немэна. Цяпер у ім размяшчаецца клуб-музей, прысвечаны нашаму знакамітаму земляку, які ўзяў артыстычны псеўданім па назве нашай беларускай ракі Нёман. Вас чакае цікавая экскурсія ад дырэктара клуба-музея, а таксама магчымасць пазнаёміцца з жамчужынай беларускай неаготыкі – касцёлам Святых Пятра і Паўла з адзінымі ў Беларусі штучнымі пячорамі. Вікторыя Урублеўская і Уладзімір Сянюта будуць чакаць вас а 12.00 ля клуба-музея Чэслава Немэна.

Калі раптам вы запланавалі на “фэстаўскія” выхадныя паездку ў Вільню ці Кракаў, то можаце далучыцца да свята экскурсаводаў там. У літоўскай сталіцы 22 красавіка адбудзецца марш феміністак. Гэтак жартоўна можна назваць шпацыр “Па сцяжынах беларускіх вілянчанак” ад Юліі Батура. Аўтары экскурсіі вылучылі найбольш яскравыя жаночыя постаці ў прасторы беларускай Вільні, якія зрабілі важны ўнёсак не толькі дзеля падтрымкі нацыянальнага адраджэння, але і для развіцця культуры горада і ўзнікнення першых беларускіх жаночых рухаў. Гэтыя асобы былі і будуць натхняючымі прыкладамі жанчын, якія ведалі сваю справу і змагаліся не толькі за свае правы, але за правы іншых. Сустрэнемся а 15.00 каля помніка В. Кудзіркаса (праспект Гедыміна, 16).