Пра нас

18 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і мясцін. Гэтае свята было заснаванае ЮНЭСКА ў 1983 г. па прапанове ICOMOS.
Вось ужо больш за 30 год у гэты дзень ва ўсім свеце прынята звяртаць увагу на значнасць, велічнасць, але ў той жа час крохкасць помнікаў культуры, гісторыі і архітэктуры.

Мы лічым, што ахова помніка пачынаецца з павагі да яго і асэнсавання яго значнасці, прычым не толькі спецыялістамі і інтэлектуаламі, але і звычайнымі месцічамі горада, якія жывуць каля помнікаў і не заўважаюць іх.

Адной з галоўных прычынаў занядбання і абыякавага стаўлення да помнікаў у нашай краіне застаецца банальнае няведанне пра гэты самыя помнікі і іх значэнне для культуры свайго рэгіёна ці цэлай Беларусі. Змяніць гэта ці прынамсі паправіць сітуацыю могуць менавіта тыя, каму баліць лёс нашай спадчыны – краязнаўцы, настаўнікі, экскурсаводы, усе неабыякавыя людзі на месцах.

Менавіта, каб вырашаць гэту праблему з ініцыятывы Беларускага камітэта ІКАМОС да 18 красавіка праводзіцца вялікая акцыя — “Фэст Экскурсаводаў”.

Галоўная мэта «Фэста» — пазнаёміць жыхароў канкрэтнага раёна з гісторыяй іх квартала, вуліцы, дома, у якіх яны жывуць ці каля якіх праходзяць кожны дзень.